ПА_БЕЛАРУСКУ
︎



БЕЛ
ENG


Выстава: Прырода гуку


2016
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Мінск


Bazinato, Сяргей Белавокі, Алеся Галота, Марыя Гарнак (Літва), Ігар Корзун, Тамара Сакалова, Лена Танкачова (Беларусь–Літва), Цолак Тапчан (Арменія), Вікторыя Харытонава.


Прырода гуку


Тое, як мы слухаем, вызначае, што мы пачуем.


Шоргат, сычэнне, гыркат, гуд, звон і ціша. На некаторыя гукі мы звяртаем увагу, іншыя робяцца тлом. Гарадская ціша гучыць амаль несупынным гудам матораў, ціша лесу складаецца з гуду інсектаў, гутарак птушак і шапацення ветру ў галінах. Ціша складаецца з шуму. Нават у абсалютнай цішы мы будзем чуць грукат сэрца і гук цячэння крыві па судзінах. Гук вакол нас.

Гарады поўняцца гукамі гэтаксама, як лясы, але чаму мы адчуваем адны гукі як цішу, а іншыя – як забруджанне?

У спробе асягнуць прыроду гука і знайсці адказ на гэтае пытанне восем мастакоў з Літвы, Арменіі і Беларусі пражылі восем дзён у лесе, у атачэнні азярын з гулкім рэхам і балот, якія паглынаюць гукі.

Эколагі Лана Сяменас і Ірына Сухій распавядалі пра шумавое забруджанне і гукавыя ўзоры (патэрны) у прыродзе, якія разбурае антрапагенная нагрузка. Гукавыя ўзоры – гэта своеасаблівая мова прыроды. Яны паўтараюцца на розных узроўнях арганізацыі матэрыі і пры іх дапамозе можна даследаваць прыроду і чалавека. Арнітолаг Вольга Лукшыц уначы паказала кажаноў і дапамагла пачуць іх гукі, а раніцой усіх правялі праз зіхоткі і спеўны лес. Спявачкі і даследчыцы беларускага фальклору Руся і Юлія Гібкоўская накіроўвалі грамаду ў пошуку свайго адметнага гуку і навучылі знаходзіць агульны гук, які сцірае межы асабістага. Музыкі Тэатра оперы і балета распавялі, што для іх значыць гук, яго аб’ёмнасць, вышыня, шырыня, і паказалі, што Тэлеман на верандзе вясковай хаты гучыць лепей, чым у любой высокатэхналагічнай канцэртнай зале.

У гэтыя дні мастакі разважалі аб гуку ў прыродзе, яго рытме, арнаменце, функцыі, слухалі мовы птушак і людзей, стаялі на беразе возера і спявалі вадзе, убачылі і пачулі, як квартэт, які грае Моцарта, сустрэў на вуліцы ў пасёлку Лынтупы гукі жыцця – таргаценне трактара, мыканне кароў, рык рухавіка старой машыны.

У гэтым і ёсць жыццё гуку.

слухайце гэтую выставу


Мы дзякуем усім, хто зрабіў магчымым пагружэнне ў гукі: Ірыне Сухій, Лане Сяменас, Ганне Волк, Русі, Юліі Гібкоўскай, Алегу Яцыну, Дыяне Гантарэнка, Аляксандры Пацёмінай, Аляксею Афанасьеву, Вользе Лукшыц, Вадзіму Глінніку, Лізавеце Загузавай, Аляксандры Дасько, Канстанціну Козыраву, Яне Саўчык.

Куратары выставы: Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Сафія Садоўская.

Працы


Сяргей Белавокі
Штрых дажджу
інсталяцыя

Гук вады, што падае з неба, суправаджаў мастакоў на працягу ўсяго пленэру. У горадзе мы прывыклі глядзець на дождж праз акно, у прасторы галерэі пабачыць дождж дык і зусім нельга. З дапамогай рытму чорных вертыкальных ліній мастак стварыў дзённік дажджу. У той жа час гэты патэрн з’яўляецца штрых-кодам, счытаўшы які з дапамогай тэлефона або планшэта, можна пачуць запіс гукаў дажджу.

Каб пачуць гук, запампуйце прыкладанне для iphone – QR Code Reader, для android – Barcode Scanner, навядзіце тэлефон на адно з вокнаў і прайдзіце па спасылцы. Слухайце!


Ігар Корзун
Дакраніся да гуку!
інсталяцыя

Мы прывыклі бачыць гук як хвалі на экране манітора, але больш ён падобны да колаў на вадзе ці гадавыя кольцы на спіле дрэва. Гэтыя аб’екты паказваюць нам гук часу скрозь гады. Гадавая цыклічнасць – гэта таксама хвалі, і, як і гук, яны захоўваюць інфармацыю аб розных абставінах. Датыкаючыся да гэтай фактуры, мы можам адчуць жыццё дрэва як жыццё гуку і ўсвядоміць смерць дрэва як заціханне гуку.


Спілоўка №1 – ліпа з бульвара Мулявіна, узрост 60 гадоў, спілаваная ў красавіку 2016 года

Спілоўка №2 – чарэшня з вуліцы Шчадрына, узрост 57 гадоў, спілаваная вясной 2015 года

Спілоўка №3 – ясень з хутара Балдук, узрост 137 гадоў, спілаваны вясной 2005 года




Ігар Корзун
Нарадзі гук!
інсталяцыя

Як нараджаецца гук і ў якіх вымярэннях ён жыве? Гук можна пачуць, але таксама яго можна адчуць і нават убачыць. Мастак запрашае гледачоў стварыць і адчуць гук рознымі спосабамі.


Марыя Гарнак
Рух гуку
відэа, 3 хв.

Калі вакол нас не застаецца гукаў, мы пачынаем чуць сябе – біццё сэрца, хруст суставаў. Ці можам мы адчуць сябе тоеснымі з прыродай? Шум соснаў зыходзіць з жывата, ад вен – гук бягучай вады, гукі ветру – з паверхні скуры. Гэтая праца даследуе магчымасць зліцця двух прырод: чалавечай і зямной, а таксама паказвае, як гук змяняе ўспрыманне і маніпулюе ім.



Цолак Тапчан
Без назвы
відэа



Як гук уплывае на прыроду? Ён ёсць часткай прыроды, але часам створаныя чалавекам гукі парушаюць экасістэму. Дыханне – самы натуральны і звыклы гук. У гэтым відэа візуалізуецца сітуацыя мінімальнага ўплыву чалавечага гуку на прыроду.



Bazinatо
Аўдыявізуальная паэзія
відэа, 14 хв.

У працы пераасэнсоўваецца сутнасць прыроды гуку як устойлівага патэрна, які нясе ў сабе інфармацыю. Выкарыстоўваючы адсылкі да першаснай гукавой паэзіі (гэта неабсяжная вобласць архаічнай прамовы, рознага кшталту рытуальных спеваў, шаманскіх замоў, мармытанняў), гукавая інфармацыя мадыфікуецца і скажаецца. Голас запавольваецца і амаль спыняецца, каб пракрасціся ў да-моўную зону – да дыхання, энергіі, эмоцый. Гэта спроба асэнсавання вытокаў, прымітыўных і ўніверсальных. Аб’яднанне гуку і візуальнага шэрага дазваляе даследаваць самыя далёкія межы эстэтычнага.



Тамара Сакалова
Агароджа
гукавая інсталяцыя

Агароджа, паказаная ў ніжняй частцы вышыўкі, створанай пацыентам Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, падкрэслівае далікатнасць кветак, якія маюць патрэбу ў абароне ад чалавечага прысутнасці, як і сам чалавек, які вышыў гэтую працу, мае патрэбу ў абароне. Намаляваныя кветкі аб’ядноўваюць успаміны пацыента і мастачкі. Гэта вобраз аднаго амаль забытага і далёкага летняга дня, праведзенага на лецішчы з палісаднікам, поўным кветак, якіх ужо не сустрэнеш на клумбах. Гучны гук іголкі, якія пратыкае тканіну – дадатковая агароджа ад свету, – сімвал медытацыі і сыходу ў сябе праз манатонную дзейнасць. Акрамя таго, людзі з асаблівасцямі ўспрымання і гук чуюць інакш, больш гучна і востра. Магчыма, менавіта такі гук чуў аўтар вышыўкі, калі працаваў над ёй.



Тамара Сакалова
Не названы
гукавая інсталяцыя

Тэкст складаецца з пытанняў і адказаў і ўяўляе з сябе каталагізацыю гукаў і назваў жывёл. Гэтая праца – рэфлексія на галасавыя практыкі, якія былі часткай праграмы пленэру, але таксама тут можна пабачыць зварот да моманту стварэння пра-мовы. Аднак не ўсё паддаецца называнню. Не на кожнае пытанне можна даць адказ.



Алена Танкачова
неМОЙголос
інсталяцыя

Белы пергамент – гэта візуалізацыя гуку, якога няма, адсутнасць гуку – як адсутнасць чалавека і ейнага/ягонага голасу. Часам немата – гэта не фізіялагічная асаблівасць, а немагчымасць гучаць дома.

Аўтарка працы – Алена Танкачова, беларуская праваабаронца, якой забаранілі знаходзіцца ў Беларусі на працягу 3-х гадоў. Немагчымасць знаходзіцца ў краіне заахвоціла яе на гэтае мастацкае выказванне. Недалёка ад хутара, дзе праходзіў пленэр, стаіць і ейнае анямелае лецішча.


Алеся Галота
Кратай!
скульптура

Як выглядае гук? Мастачка стварыла варыянт першабытнай дакументацыі гуку і адначасова пашырыла магчымасці яго ўспрымання. Простым гукам быў дадзены матэрыяльны, тактыльны пераклад, які ўлічвае працягласць, аб’ёмнасць, фактурнасць і глыбіню гуку.


гудзенне асы

Ом

цвыркуны

узмах палкі

цыкады

хруст галінкі

спеў малінаўкі

гуд генератара

закіпанне вады



Вікторыя Харытонава

Дыханне возера
відэа
2016

Як пачуць гук ранішняга туману? Гэта іншая гісторыя гуку, гуку, якога не пачуеш вушамі, але які бачны і адчувальны. Гэтае відэа без гуку дае магчымасць уявіць, якім бы мог быць гэты гук.











16:32:12
Thursday Aug 31 2023






© EVAа project