ПА_БЕЛАРУСКУ
︎



БЕЛ
ENG


Выстава: Плады даюць плады


2012
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Мінск


Bazinato, Аляксей Лунёў, Аляксей Губараў


Інсталяцыя “Плады даюць плады” Аляксея Лунёва, Аляксея Губарава і Базыля адсылае нас да часоў, калі сувязь чалавека з зямлёй

была моцнай, калі людзі пакланяліся багам урадлівасці і ведалі, што ад іх літасці залежыць жыццё племені, народа, дзяржавы. Калі яблык быў не проста яблыкам і не проста ежай, а прадметам, надзеленым пэўным сімвалічным і містычным сэнсам. Прадметам, з якога пачалася адна з гісторый гэтага свету. Але для сучаснага чалавека кошт гэтага яблыка часта вылічаецца выключна грошамі.

Мастакі хочуць нагадаць нам “жывым” нацюрмортам аб тым, што ежа – не проста неабходны рэсурс для арганізма. Садавіна і гародніна таксама дыхаюць, убіраюць інфармацыю аб свеце. Магчыма, нам, перш чым спажываць, трэба думаць і пра гісторыю прадукту, яго жыццё да нашага стала.

Гэта гісторыя, процілеглая супу “Кэмпбэл” Уорхала, яго тыражнасці і бясконцаму тэрміну прыдатнасці. Гэта сапраўдныя прадукты, якія загінуць і стануць асновай для наступнага цыкла – плады дадуць плады і так да бясконцасці.

У інсталяцыі прысутнічае сімвалізм, характэрны для галандскіх нацюрмортаў. Тэма Vanitas (з лац. – мітусня), якая была папулярная ў XVII стагоддзі, раскрываецца тут з сакавітай натуралістычнасцю – садавіна і гародніна пахнуць і пачынаюць страчваць свой “таварны” выгляд. Усё па-сапраўднаму жывое не вечнае, рана ці позна яно зноў становіцца зямлёй. Жыццё і час знішчаюць плады, іх прыгажосць і смак.

Памятай пра Жыццё. Памятай пра Смерць. Памятай пра сапраўднае.




16:32:12
Thursday Aug 31 2023






© EVAа project